Чароўная кветка беларускай паэзіі
Творчасць – гэта арэна самасцвярджэння, дыханне, без якога няма жыцця. Менавіта такой паэтэсай з боскай іскрай, якой дадзена было тварыць як дыхаць і чые кнігі – наш мастацкі набытак, была і ёсць для нас Яўгенія Янішчыц.
22 лютага 2018 года вучні 11 “А” класа ДУА “Сярэдняя школа № 22 г. Магілёва” з дапамогай супрацоўнікаў бібліятэкі імя І. Шамякіна змаглі пазнаёміцца з цікавымі звесткамі пра жыцце і творчасць пясняркі Палесся ў час інтэграванага ўрока “Чароўная кветка беларускай паэзіі”.
Чую тваю жаўруковую музыку
У скошаных травах мурожных
Мова! Як сонца маё беларускае,
Ты свецішся словам кожным.
Цябе і заворвалі, і закопвалі.
І ўсё ж нашы продкі праз гора
Данеслі да нас цябе, родную, цёплую,
Жывую і непаўторную.
Я.Янішчыц
Палеская ластаўка, Палесся мілае дзіця, палеская летуценніца – так назвалі ў нашай літаратуры гэтую выдатную паэтку, якой, на вялікі жаль, было суджана пражыць усяго сорак гадоў.
Яўгенія Янішчыц нагадвае казачную птушку ў вечным палёце, якая хораша праляцела над родным Палессем, над Беларуссю, лёгкім крылом ускалыхнула аблокі, імкліва і нечакана растаяла за небасхілам.
Яна заўсёды ў сваіх творах была гранічна шчырай, давала волю пачуццям, якімі жыла душа. Таму яе слова, звычайна сатканае, калі гаварыць высокім стылем паэтэсы, з дабрыні і праўды, адкрытае, як рана, менш за ўсё грашыла на падробку і штучнасць.
Настаўнік беларускай мовы Бірукова В.Г.