105 год з дня нараджэння Аркадзя Куляшова
Шостага лютага 2019 г. споўнілася 105 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова, імя якога вядома не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі.
Наспеў час аддаць належнае нашаму славутаму земляку, творчасць якога істотна ўзбагачае скарбніцу нацыянальнай культуры, з’яўляецца важкім набыткам беларускай літаратуры.
У гонар ушанавання памяці выдатнага паэта аддзел маркетынгу Магілёўскай абласной бібліятэкі стварыў віртуальны музей Аркадзя Куляшова “Сэрца, дзе ўсёй зямлі трывога”, прысвечаны яго жыццю, яго творчасці, яго спадчыне, яго следу ў беларускім і сусветным мастацтве.
Праект складаецца з сямі раздзелаў, матэрыялы якіх ахопліваюць розныя бакі шматграннай жыццёвай і творчай дзейнасці Аркадзя Куляшова, узнаўляюць малавядомыя факты і істотна дапаўняюць выкладзеную ў даведніках біяграфію паэта. Шматлікія звесткі падмацаваны ўспамінамі родных, сяброў і калег па пяру, тэкстамі выступленняў А. Куляшова, інтэрв’ю, лістамі, архіўнымі матэрыяламі, фотаздымкамі і дакументальнымі кадрамі. Грунтоўна разглядаецца літаратурная спадчына паэта і яго перакладчыцкая дзейнасць, даецца поўны спіс яго кніг, прыводзяцца тэксты асобных вершаў і паэм, публіцыстычных артыкулаў, копіі рукапісаў і машынапісаў з аўтарскай праўкай, аўдыязапісы твораў у выкананні як самога аўтара, так і чытальнікаў, а таксама вялікая колькасць літаратурна-крытычных артыкулаў і рэцэнзій.
На сённяшні дзень віртуальны музей Аркадзя Куляшова з’яўляецца адзіным праектам такога кшталту і маштабу ў Магілёўскай вобласці і значнай падзеяй Года малой радзімы. Мы, яго землякі, перакананы, што як выдатны мастак слова і сапраўдны патрыёт сваёй краіны, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Аркадзь Куляшоў заслугоўвае, каб напісанае ім было сабрана, даследавана і прадстаўлена грамадству ў найбольш поўным аб’ёме.
Запрашаем пазнаёміцца са спадчынай славутага сына Магілёўшчыны ў віртуальным музеі Аркадзя Куляшова, а таксама наведаць Музейны пакой гісторыі кнігі і бібліятэкі, дзе пачала дзейнічаць юбілейная выстава паэта “Пяройдзе шлях у новы шлях”.
У аснову экспазіцыі пакладзены копіі архіўных дакументаў аб жыцці і творчасці А. Куляшова з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. Прадстаўленыя матэрыялы раскрываюць асобу Аркадзя Куляшова не толькі як паэта, але і як таленавітага перакладчыка, літаратурнага крытыка, публіцыста, кінасцэнарыста, актыўнага грамадскага дзеяча, дэпутата, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны. Дапаўняюць выставу асобныя выданні твораў паэта, прыжыццёвыя зборнікі вершаў на беларускай, рускай і замежных мовах.