Главная > Беларускамоўны чацвер, Объявления > Музей Бялыніцкага-Бірулі запрашае

Музей Бялыніцкага-Бірулі запрашае

4 красавіка 2020 года ў 16:00 адбудзецца прэзентацыя кнігі «Па слядах багоў: нарысы беларускай міфалогіі» Змітра Скварчэўскага ў Магілёве.

Зміцер  Скварчэўскі – кандыдат гістарычных навук, даследчык міфалогіі і традыцыйнай беларускай культуры, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў гістарычнага факультэта БДУ. Сфера навуковых зацікаўленняў – паганства, міфалогія, этнаастраномія, сакральная геаграфія і традыцыйная культура Беларусі. Малады навуковец з’яўляецца аўтарам канцэпцыі стварэння “Музея міфаў” у Бярэзінскім біясферным запаведніку, а таксама канцэпцыі выставы гіганцкіх пясчаных скульптур “Багі і духі Беларусі”. Стваральнік адукацыйнага анлайн-курса “Багі, духі, героі: персанажны код беларускай міфалогіі”.

“Па слядах багоў: нарысы беларускай міфалогіі” – першая кніга даследчыка, якая прысвечана міфалогіі і рэлігійнай традыцыі продкаў беларусаў. На старонках кнігі аўтар выкладае новы падыход да рэканструкцыі супольнасці багоў, якія шанаваліся продкамі беларусаў. У кнізе разглядаюцца дыскусійныя пытанні існавання пантэона, імёнаў, атрыбутаў і характарыстык багоў. На падставе фальклорных, гістарычных і шэрагу іншых крыніц вылучаюцца вобразы тутэйшых багоў, якія адпавядаюць старажытным індаеўрапейскім і з’яўляюцца іх працягам у беларускай фальклорна-міфалагічнай традыцыі.

Прэзентацыя адбудзецца ў фармаце лекцыі, пасля якой у прысутных будзе магчымасць задаць свае пытанні аўтару.